«Вялікі май Вялікай Перамогі»
 

     Сёння нам гэта цяжка ўявіць, але 71 год таму месяц май стаў адным з самых шчаслівых у гісторыі нашай краіны, але шчаслівым па-асабліваму – з надрывам і слязьмі. Скончылася вайна, а разам з ей бамбёжкі, страх не прачнуцца раніцай, свіст куль, выццё сірэн, горыч ад страты баявых таварышаў. Сустрэць перамогу наканавана было не многім— мільёны людзей, і на фронце, і ў тыле, так і не ўбачылі гэты доўгачаканы май.
     Ушанавалі памяць загінулых у гэты памятны дзень і супрацоўнікі ДУК «Воранаўская раённая бібліятэка». Цёплымі і шчырымі словамі віталі  ветэранаў вайны  бібліятэкары падчас акцыі-віншаванняў “Паклон ветэранам”, “Кветкі для ветэранаў”, “З цяплом у кожны дом”.
     Філіял “Воранаўская дзіцячая бібліятэка” сумесна з вучнямі 1-х класаў і класным кіраўніком Петрасян І. І. арганізавалі святочнае віншаванне ветэрана Вялікай Айчыннай Вайны Таццяны Кузьмінічны Бобінай. Таццяна Кузьмінічна ўспамінала пра сваіх баявых таварышах, паказала дзецям фатаздымкі. Яе шчыры аповяд пра падзеі вайны, работу ў медыцынскім шпіталі кранаў сэрцы дзяцей. Школьнікі задавалі шмат пытанняў, падарылі кветкі, дзякавалі за цікавы аповяд.

    
     Віртуальнае падарожжа “Героі Савецкага Саюза”  здзейснілі вучні сярэдняга школьнага ўзросту ў філіяле “Бастунская інтэграваная сельская бібліятэка”.  А вучні  старэйшых класаў адправіліся ў завочную экспедыцыю па гарадах-героях “Па тых дарогах, дзе прайшла вайна”.
     У філіяле “Пагародзенская СБ”  працавала кніжная выстава “Пра вайну я даведаўся з кнігі”, а таксама быў арганізаваны вечар ваенна-патрыятычнай песні “Песні ваенных гадоў”. На сустрэчу запрашаліся ўсе жадаючыя. Сабраліся не толькі дзеці, але і дарослыя, пажылыя і моладзь. Успаміналі песні, якія былі напісаны падчас вайны, спявалі іх. Дзеці чыталі з кнігаў вершы прысвечаныя вайне.
     Вучні старэйшых класаў сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычнай кампазіцыі “Свяшчэннай памяццю авеяныя гады”, якая адбылася ў філіяле “Радунская ГПБ” . Вядучыя  правялі ўдзельнікаў сустрэчы дарагой вайны ад легендарнай Брэсцкай крэпасці да сцен Рэйхстага. Бачна, урачыста і лаканічна паўсталі перад дзецьмі бітва за Маскву, блакада Ленінграда, грандыёзная і трагічная Сталінградская бітва, вялікая танкавая бітва пад Курскам. Але нароўні з подзвігам ратным, быў і подзвіг працоўны. Гэта адмысловая старонка Вялікай Айчыннай вайны таксама не пакінула абыякавымі дзяцей. Яны пазналі, што рабочыя амаль кругласутачна працавалі на заводах, вырабляючы зброю, тэхніку, адзежу і абутак для салдатаў, у станкоў працавалі нават дзеці 12-14 гадоў. У найцяжкіх умовах працавалі калгаснікі. Усё даводзілася “цягнуць на сабе” жанчынам, дзецям, старым…  А галоўным лозунгам тых гадоў быў заклік: “Усё для фронта, усё для Перамогі!”. На вечары гучалі вершы пра вайну, былі паказаны кадры кінахронікі.
     А менавіта 9 мая, у парку г.п. Воранава па старой традыцыі раённай бібліятэкай была арганізавана сюжэтная пляцоўка «Франтавая бібліятэка», якая дазволіла акунуцца ў атмасферу ваеннага часу.  Таксама  ўдзельнікі святочных мерапарыемстваў маглі пазнаёміцца з  кніжнай экспазіцыяй «Франтавы летапіс вайны». Супрацоўнікі бібліятэкі  ў ваеннай форме знаёмілі з творамі беларускіх і расійскіх  аўтараў, гучалі песні ваенных гадоў.